ЭЛЕКТРАСТАТЫ́ЧНАЕ ПО́ЛЕ,
поле фізічнае, створанае нерухомымі эл. зарадамі; асобны выпадак электрамагнітнага поля. Сілавая характарыстыка Э.п. — напружанасць электрычнага поля, энергетычная — электрычны патэнцыял.
Сілавыя лініі напружнасці Э.п. не замкнутыя: яны пачынаюцца на дадатных эл. зарадах і канчаюцца на адмоўных (ці ідуць у бясконцасць). У дыэлектрыках Э.п. характарызуецца вектарам электрычнай індукцыі, які падпарадкоўваецца Гаўса тэарэме. У аднародных дыэлектрыках у выніку палярызацыі дыэлектрыка Э.п. аслабляецца ў ε разоў, дзе ε — дыэлектрычная пранікальнасць. Унутры праваднікоў Э.п. роўнае нулю (у т. л. ўнутры поласці пустацелага правадніка), на чым грунтуецца эл. экранаванне. Э.п. патэнцыяльнае, г.зн. што работа па перамяшчэнні эл. зараду паміж любымі 2 пунктамі Э.п. не залежыць ад формы траекторыі і вызначаецца толькі рознасцю эл. патэнцыялаў паміж гэтымі пунктамі.
т. 18, кн. 1, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)